Гісторыя завода
Мазырскі машынабудаўнічы завод быў заснаваны ў 1953 годзе як рамонтна-экскаватарны завод у партовым пасёлку Пхоў, на беразе ракі Прыпяць.
А пачалося ўсё пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, з Пастановы СНК СССР ад 29.06.1945 г. № 1522 "Аб неадкладных мерапрыемствах па аднаўленні асушальных сістэм і асваенні асушаных зямель у Беларускай ССР", які намеціў праграму вырашэння харчовай праблемы. Адным з этапаў прадугледжвалася будаўніцтва рамонтна-экскаватарнага завода.
Месца для будаўніцтва завода было абрана на беразе ракі не выпадкова. Добрая інфраструктура, водныя шляхі, чыгуначныя і дарожныя пад'езды.
У 1950 г. пачата будаўніцтва, а ў верасні 1953 г. была ўжо выпушчана першая прадукцыя. Асноўным профілем завода з'яўляўся капітальны рамонт экскаватараў, земснарадаў, трактароў і іншай тэхнікі.
Вельмі цяжкі час перажываў калектыў прадпрыемства, калі разам з выпускам прадукцыі праводзіліся будаўнічыя і мантажныя працы па няскончаных вытворчых аб'ектах, хоць трэба было яшчэ рыхтаваць працоўныя кадры, якіх у п. Пхов (прыгарад г. Мазыра) не хапала.
Да пачатку 1954 г. праз курсы працоўных прафесій было падрыхтавана больш за 50 станочнікаў і слесараў, і ўжо да канца года на заводзе працавала 125 чал., у тым ліку 11 ІТР.
Да гэтага часу былі ўведзены ў эксплуатацыю рамонтна-механічны, інструментальны і мадэльна-сталярны цэхі. Механа-зборачны цэх камплектаваўся сучасным айчынным і імпартным абсталяваннем, рабочыя і ІТР забяспечвалі выкананне заказаў па вырабе запасных частак да трактароў і экскаватараў. У сакавіку 1956 г. поўнасцю былі завершаны будаўніча-мантажныя работы па механа-зборачным цэху плошчай больш за 4,0 тыс. м2.
У маі гэтага ж года была праведзена першая плаўка ў ліцейным цэху, і такім чынам Мазырскі завод увайшоў у строй дзеючых прадпрыемстваў. Гэта стала магчымым яшчэ і таму, што заводу аказвалі дапамогу многія вядомыя прадпрыемствы рэспублікі, накіроўваючы на завод спецыялістаў па розных спецыяльнасцях. Гэта Гомсельмаш, станказавод ім. Кірава і многія іншыя. За гэты ж час, што будаваўся завод, вырас і працоўны пасёлак. Будаўніцтва вялося комплексна, разам з жылымі дамамі ўзводзіліся дзіцячыя ўстановы, магазіны, школы, спортпляцоўкі.
Краіне патрэбны былі машыны, якія змаглі б асушыць балоты. У сувязі з гэтым у 1958 г. на падставе Пастановы Савета Міністраў БССР ад 28 лістапада № 764 завод быў перайменаваны ў Мазырскі завод меліярацыйных машын, што прывяло да змены наменклатуры прадукцыі. Гэта выклікала неабходнасць павышэння спецыяльнай і агульнамашынабудаўнічай падрыхтоўкі персаналу прадпрыемства, тым больш што маладыя рабочыя складалі да 80 працэнтаў калектыву, і таму ўсімі відамі навучання было ахоплена да 400 чал.
Актыўна развівалася рацыяналізацыя, удасканальвалася тэхналогія вытворчасці, забяспечвалася хуткае пераключэнне вытворчасці на выпуск будаўніча-дарожных машын. У пачатку 60-х гадоў упершыню быў выраблены айчынны самаходны скрэпер Д-357Г.
У адпаведнасці з загадам Міністэрства будаўнічага, дарожнага і камунальнага машынабудавання на базе Мазырскага завода меліярацыйных машын у 1975 годзе было арганізавана вытворчае аб'яднанне "Меліярмаш", у склад якога ўвайшлі ў якасці галаўнога прадпрыемства "Мазырскі завод меліярацыйных машын" і Гомельскі завод "Торфмаш".
З 1960 г. прадукцыя завода пастаўлялася ў Азію, Афрыку, Лацінскую Амерыку. У 1966 г. на міжнароднай выставе «Сучасныя сельгасмашыны і абсталяванне» прадпрыемства было ўдастоена Залатога медаля за выраб каналакапальніка КФН-1200. І затым на розных выставах за выпуск прагрэсіўнай тэхнікі завод неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі дыпломамі Савета Мінбуда СССР і ВЦСПС, Гандлёва-прамысловай палаты СССР і інш.
Завод удзельнічаў у выкананні шматлікіх агульнасаюзных мэтавых праграм, напрыклад, па стварэнні бестраншэйных дрэнаўкладчыкаў, аналагаў якім не было ў свеце, і заўсёды знаходзілі рашэнні самых складаных тэхнічных і арганізацыйных праблем.
ВЫДАННІ ПРА ЗАВОД:
- Буклет 55 гадоў заснавання завода - Кніга аб заводзе -Ад рамонтна-экскаватарнага да машынабудаўнічага-60 гадоў